Палітычная і эканамічная гісторыя беларуска-літоўскай дзяржавы ў ХІІІ-XVII стагоддзяў


Палітычная і эканамічная гісторыя беларуска-літоўскай дзяржавы ў ХІІІ –XVII стагоддзяў


Змест

1. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Палітычнае становішча ВкЛ да сярэдзіны XVI ст.

2. Асноўныя накірункі развіцця ВкЛ у 70-я гг. XIV – XV ст.

3. Палітычнае становішча Беларусі ў першай палове XVI ст.

4. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВкЛ

4.1 Цэнтральныя органы ўлады

4.2 Вышэйшыя асобы

4.3 Органы мясцовага кіравання

4.4 Гарадское самакіраванне

4.5 Эвалюцыя судовай сістэмы

4.6 Мясцовыя суды

4.7 Вайсковая справа

5. Гаспадарчае развіцце беларускіх зямель ў XIV – першай палове XVI ст.

Спіс выкарыстаных крыніц


1. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Палітычнае становішча ВкЛ да сярэдзіны XVI ст.

Да пачатку XIII ст. тэрыторыя сучаснай Беларусі была падзелена на шматлікія ўдзельныя княствы – шматкі былога магутнага Полацкага і Тураўскага княстваў. Невялікія самастойныя княствы сталі лёгкай здабычай для знешніх ворагаў. У самым пачатку XIII ст. актыўнае наступленне з захаду павялі крыжакі, з поўдня неслі смерць набегі манголаў. Спакушаліся на беларускія землі польскія князі і ўладары больш магутных паўднёварускіх княстваў – асабліва Галіцка-Валынскага.

У гэтых абставінах наспела неабходнасць кансалідацыі заходнерускіх княстваў у адзіную дзяржаву. Прычын было некалькі. Па-першае, пагроза фізічнага вынішчэння раз’яднаных княстваў. Па-другое, у інтарэсах развіцця феадальнай гаспадаркі патрабавалася моцная цэнтральная ўлада, якая павінна была абараняць інтарэсы феадалаў і давала магчымасць павялічыць узровень эксплуатацыі залежнага насельніцтва.

Полацк быў паслаблены няроўнай барацьбой з крыжакамі і не здолеў выступіць цэнтрам аб’яднання, як і Тураў, які падпаў у залежнасць ад паўдневарускіх князёў (да таго, у 1240-я гг. тэрыторыя княства была разрабавана манголамі). Цэнтрам збірання беларускіх зямель стаў Наваградак. Таму было некалькі перадумоў.

Вакол Наваградка былі самыя ўрадлівыя землі, горад меў шырокія гандлёвыя сувязі як з суседнімі гарадамі, так і з замежнымі краінамі – Польшчай, Візантыяй, Прыбалтыкай, Блізкім Усходам. У горадзе існавала развітае рамяство – аснова яго – апрацоўка каляровых і каштоўных металаў, апрацоўка жалеза. Да таго Наваградская зямля была адносна небяспечнай – тут ратаваліся ад крыжакоў і манголаў бежанцы з іншых зямель, што значна павышала прадукцыйныя сілы княства. Вызначальную ролю мела суседства з літоўскімі землямі.

У 1230-я гг. у літоўцаў пачаўся працэс утварэння дзяржавы. На чале аб’яднання плямёнаў стаў князь Міндоўг. Пры гэтым ён карыстаўся падтрымкай наваградскага князя Ізяслава. Але, аб’яднаўшы літоўцаў, Міндоўг акрамя адзінай дзяржавы атрымаў шмат ворагаў і вымушаны быў пакінуць Літву. Ён накіраваўся на службу да Ізяслава ў Наваградак (сярэдзіна 1240-х гг.). Калі ў 1246 г. Ізяслаў памёр, наваградскае веча выбрала князем Міндоўга з улікам выканання апошнім некаторых умоў – прыняцця праваслаўя і далучэння да Наваградка Літвы. Гэтыя памкненні баярства супадалі з памкненнямі Міндоўга. Дзякуючы аб’яднаным сілам Наваградка і сваіх паплечнікаў у Літве Міндоў далучае землі верхняга Панямоння да Наваградка. Пачаўся працэс утварэння дзяржавы, якая вядома нам з гісторыі пад назвай Вялікае княства Літоўскае.

Узмацненне Наваградка вызвала незадавальненне галіцкіх князёў, Лівонскага ордэна, Рыгі і жамойцкіх феадалаў. Пад час 50-70-х гг. XIII ст. ішла жорсткая барацьба як з суседзямі, так і з унутранымі ворагамі. Першыя вялікія князі паказамі выключныя палітычныя здольнасці, каб захаваць народжаную славяна-балцкую дзяржаву.

У 1251 г. Міндоўг прымае каталіцтва, а ў 1253 г. карануецца ў Наваградку каралём Літвы (карону даслаў папа рымскі Інакенцій XIV). Але гэта не паслабіла націск крыжакоў, а напады галічан толькі ўзмацніліся. У 1258 г. адбыўся бадай самы крывавы набег на княства манголаў і галічан пад кіраўніцтвам хана Бурундая. Тым не менш, Міндоўг з поспехам супрацьстаяў набегу. 13 ліпеня 1260 г. ён разам з палачанамі нанёс цяжкае паражэнне крыжакам каля возера Дурбе, у 1261 г. адмовіўся ад каталіцтва і ў 1262 г. заключыў дамову з Аляксандрам Неўскім аб сумеснай барацьбе з рыцарамі. Улада Міндоўга ў княстве была амаль неабмежаваная, але змова жамойцкага князя Трайняты, полацкага Таўцівіла і нальшанскага Даўмонта восенню 1263 г. удалася. Міндоўг быў забіты. На ролю збірацеля зямель славянаў і балтаў стаў прэтэндаваць трэці пасля Полацка і Наваградка цэнтр – жмудскі (жамойцкі) на чале з Трайнятам (вялікі князь у 1263-1264 гг.).

Пад час барацьбы ў ВкЛ за лідарства, быў выгнаны Войшалк, забіты Таўцівіл (Трайнятам), потым забіты і сам Трайнята. Уладу ў княстве захапіў сын Міндоўга Войшалк (вялікі князь у 1264-1267 гг.). Ён актыўна пашыраў межы княства, да Наваградчыны і Літвы далучыў Дзяволту і Нальшаны, выгнаў апошняга забойцу бацькі князя Даўмонта (у Пскоў). Пры гэтым Войшалку прыходзілася лавіраваць паміж шматлікімі ворагамі. У 1267 г. ён нечакана перадае ўладу свайму швагру, галіцкаму князю Шварну Данілавічу (вялікі князь у 1267-1270 гг.). Праз некаторы час Войшалк быў забіты Львом Данілавічам, другім галіцкім князем.

Шварн не здолеў замацавацца ў Наваградку і быў выгнаны пляменнікам Міндоўга Трайдзенем (вялікі князь у 1270-1283 гг.). Ён здолеў кансалідаваць землі, стабілізаваць унутрыпалітычную сітуацыю, адбіць крыжацкія і руска-татарскія напады. У 1277 г. ён адбіў напады манголаў і галіцкіх князёў пад Гародняй і Слонімам, а ў 1279 г. крыжакі атрымалі ад Трайдзеня спусташальнае паражэнне пад Ашэрадам (Курляндыя). Трайдэн нават дамогся перадачы княству новага крыжацкага замка Дынабурга (сучасны Даўгаўпілс) на Заходняй Дзвіне (зараз латвійскі горад Даўгаўпілс). У сярэдзіне 1270-х гг. тэўтонцы жорстка, у крыві, падавілі паўстанне племені прусаў. Трайдэн прыняў уцекачоў з Прусіі і рассяліў іх у ваколіцах Гародні і Слоніма.

Пасля смерці Трайдзеня летапісы дзесяць год не згадваюць вялікіх літоўскіх князёў. Новы перыяд узмацнення і пашырэння межаў княства, станаўлення дзяржаўнасці звязаны з князем Віценем (вялікі князь у 1293-1316 гг.).

Новаму князю адразу прыйшлося сутыкнуцца з сепаратысцкімі памкненнямі ўнутры дзяржавы і шматлікімі ворагамі звонку. У 1294 г. ён жорстка задушыў мяцеж жамойцкіх феадалаў, што схіляліся да саюза з крыжакамі. Скарыстаўшы супярэчнасці паміж Лівонскім ордэнам і Рыжскім арцыбіскупствам, заключыў з апошнім мірны дагавор (1298 г.). Дзякуючы падтрымцы рыжскага арцыбіскупа здолеў адбіць у тым жа годзе напад крыжакоў на Жамойцію. Паўторны напад крыжакоў у 1305 г. таксама быў з поспехам адбіты. У 1307 г. Віцень ліквідаваў пагрозу захопу крыжакамі Полацка, у выніку чаго Полацкая зямля канчаткова была далучана да ВкЛ. З мясцовым баярствам было заключана пагадненне – “ряд”, згодна якому Полацкае княства ў ВкЛ атрымала вялікія аўтаномныя правы. Складваўся федэратыўны тып дзяржавы – калі розныя яе часткі мелі розныя правы і розную ступень падпарадкавання цэнтральнай уладзе.

У выніку напружанай барацьбы з палякамі (паходы і сутычкі 1293, 1296, 1306, 1307 гг.) да дзяржавы ў 1315 г. была далучана Берасцейская зямля. Так, акрамя асноўнага дабравольна-дагаворнага шляху ўваходжання славянскіх зямель у склад дзяржавы быў яшчэ і шлях звароту зямель, захопленных ваяўнічымі суседзямі. У тым жа 1315 г. Віцень здзейсніў карны паход супраць тэўтонцаў з вялікім войскам. Гэта была помста за асаду рыцарамі Наваградка і разарэнне яго ваколіц годам раней (1314 г.). Тады дзякуючы выключным здольнасцям Давыда Гарадзенскага, які ўзначаліў абарону сталіцы, Навагрудак быў выратаваны.

Стараста гарадзенскі Давыд быў сынам выгнанага князя нальшанскага Даўмонта, які ўдзельнічаў у змове супраць Міндоўга. Тым не менш, Давыд не помсціў за бацьку, не выступіў супраць вялікакняскай улады, не ўдзельнічаў у змовах, а ў гадзіны небяспекі для краіны рашуча падтрымаў Віценя (пасля і Гедыміна) і выступаў супраць заваёўнікаў-крыжакоў. Ужо ў 1318 г. ён здзейсніў самастойны паход у Прусію на тэўтонцаў. У 1322 і 1323 гг. ён дапамог Пскову, што быў асаджаны лівонцамі. У наступным годзе – 1324 – разграміў рыцараў пад час удалага паходу на Мазовію. Давыд не ведаў ні воднага паражэння. Але пад час паходу ў нямецкую зямлю Брандэнбург (пад Берлін) у 1326 г. ён загінуў ад кінжала здрадніка – купленага крыжакамі польскага рыцара Андрэя.

Віцень пашырыў тэрыторыю княства, з поспехам адбіў напады ваяўнічых суседзяў і падавіў сепаратысцкія памкненні жамойцкіх феадалаў. Ва ўнутранай палітыцы Віцень абапіраўся на беларускія землі і беларускіх феадалаў. Віценю так сама прыпісваюць увядзенне асабістага герба “Пагоня” (сярэбраны вершнік на шчыце чырвонага колеру), які сімвалізаваў абарону дзяржавы ад заваёўнікаў (дзяржаўным герб стаў з 1384 г.). Менавіта ў гэты час склалася асноўная павіннасць феадалаў княства – пагоня – вайсковая справа па абароне дзяржавы ад нападаў.

Пры пераемніку Віценя Гедыміне (вялікі князь у 1316-1341 гг.) асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі не змяніліся. Гэты кіраўнік называў сябе князем літоўцаў і рускіх і працягваў палітыку збірання славянскіх зямель. Ажаніўшы сына Альгерда на Марыі, адзінай дачцэ віцебскага князя Яраслава, пасля смерці апошняга далучыў Віцебск з княствам да дзяржавы (1320 г.), але з віцебскім баярствам таксама быў заключаны дагавор, дзе ўтрымліваліся вялікія правы горада і тэрыторыі на самакіраванне. У 1320-1330-я гг. былі далучаны Мінская і Турава-Пінская землі, а так сама рэшткі Берасцейскай зямлі. Большая частка сучаснай Беларусі ўвайшла ў склад славяна-балцкай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага. Межы княства значна пашырыліся, роля Наваградчыны ў княстве знізілася, таму Гедымін у 1323 г. перанес сталіцу на новае месца – у крывіцкае пасяленне Крывы горад на Віліі, цэнтр адной з валасцей былога Полацкага княства. Новая сталіца – Вільня стала палітычным, культурным, эканамічным і рэлігійным цэтрам беларускіх зямель і захоўвала гэты статус на працягу некалькіх стагоддзяў – да пачатку XX ст.

Каб пазбавіць крыжакоў падставы для нападаў (пашырэнне хрысціянства сярод язычнікаў) Гедымін паспрабаваў ахрысціць у каталіцтва жамойтаў і літоўцаў, якія яшчэ былі пераважна язычнікамі, але гэта выклікала незадавальненне як сярод саміх паганцаў, так і сярод праваслаўнага насельніцтва княства. Таму князь пайшоў іншым шляхам. Ен усталяваў саюзніцкія адносіны з польскім каралем, мазавецкім князем, з Ноўгарадам. Сканцатраваўшы сілы, ён нанёс некалькі сакрушальных паражэнняў Тэўтонскаму ордэну і Брандэнбургу (гл. Давыда Гарадзенскага). Сам Гедымін кіраваў войскам у пераможнай бітве на рацэ Акмяне (1331 г.).

Ва ўнутранай палітыцы Гедымін дамагаўся адзінства дзяржавы, прасякаў любыя праявы сепаратызму з боку жамойцкіх старэйшын. На заходніх акраінах будаваў мураваныя замкі, у тым ліку ў Вільні (башня Гедыміна), Троках, Крэве, Лідзе і інш. У гарады запрашаў рамеснікаў, гандляроў і адукаваных людзей з еўрапейскіх краін. У адносінах да хрысціянскай царквы прытрымліваўся нейтралітэту. Дазваляў будаўніцтва як праваслаўных, так і каталіцкіх храмаў. Падчас росту супярэчнасцяў з Масквой (за ўплыў на Пскоў і Ноўгарад) заснаваў самастойную Літоўска-Наваградскую праваслаўную мітраполію з цэнтрам ў Навагрудку (1316 г.).

Менавіта пры Гедыміне ВкЛ сфарміравалася як феадальная манархія, дзе князь валодаў паўнатой заканадаўчай, выканаўчай, судовай, ваеннай улады. Пры гэтым дзяржаўнай мовай з’яўлялася старабеларуская, аснова прававых нормаў – так сама нормы старабеларускага права. Гедымін стаў раданачальнікам дынастыі Гедымінавічаў – правячай у ВкЛ, з яе пайшлі знакамітыя беларускія і рускія княскія роды а так сама каралеўская дынастыя ў Польшчы – Ягеллоны.

Яшчэ пры жыцці Гедымін падзяліў дзяржаву паміж сынамі, паставіўшы вялікім князем Яўнута (кіраваў у 1341-1345 гг.). Але апошні, мабыць, не вызначаўся ні ваеннымі, ні палітычнымі талентамі і быў змешчаны Альгердам і Кейстутам і высланы ў Заслаўскае княства. Менавіта гэтыя два браты сталі суправіцелямі ў ВкЛ. Альгерд (вялікі князь у 1345-1377 гг.) больш займаўся ўсходняй і паўдневай палітыкай, меў вялікі ўплыў на беларускіх землях і таму быў прызнаны галоўным з братоў, а Кейстут (забіты ў 1382 г. пляменнікам Ягайлай) – абапіраўся на Жамойцію (сталіца яго – Трокі) і займаўся барацьбой з крыжакамі.

Альгерд далучыў да ВкЛ Беларускае Падняпроў’е: 1340-я гг. Чарнігава-Северскае княства, 1358 г. – Мсціслаў, 1355 г. – Бранск з землямі, вялікі ўплыў Альгерд меў на смаленскія справы. Пры гэтым ён сутыкнуўся з інтарэсамі мангола-татарскіх ханаў. У 1362 г. на рацэ Сінія Воды адбылася бітва войска ВкЛ з татарамі, апошнія былі ў шчэнт разбітыя. Да ВкЛ былі далучаны Кіеў і Падолле (паўдневая і цэнтральная Ўкраіна). У вострай барацьбе з Польшай Альгерд адняў у апошняй Валынь. Альгерду не пашанцавала далучыць да ВкЛ Пскоў і паслабіць Маскоўскае княства. Тры паходы на Маскву (1368, 1370, 1372 гг.) скончыліся безвынікова. Больш паспяховай была барацьба супраць крыжацкай навалы. У адказ на крыжацкія напады, ў 1345-1382 гг. беларуска-літоўскае воўска зрабіла каля 30 паходаў на тэўтонцаў і каля 10 паходаў на Лівонію.

Ад двух шлюбаў – з віцебскай княжной Марыяў і Цвярской Ульянай Альгерд меў 12 сыноў і 9 дачок. Найбольш вядомымі былі Андрэй Полацкі (1325-1399 гг.), старэйшы сын ад першага шлюба і Ягайла (жыў да 1434 г.) – старэйшы ад другога шлюба.

Пад час княжання Альгерда тэрыторыя дзяржавы пашыралася больш чым удвая, беларускія землі складалі каля 9/10, а беларускае насельніцтва – 8/10. Менавіта гэта вызначыла пануючы стан старабеларускай мовы і культуры ў княстве, больш таго Альгерд і ўсе Альгердавічы, акрамя таго, што карысталіся беларускай мовай, былі праваслаўнага веравызнання (да 1386 г.).

Абазначыліся асноўныя шляхі далучэння славянскіх зямель да ВкЛ. Гэта:

- дабравольна-дагаварны шлях, асноўны прыклад – далучэнне Полацкага княства згодна “ряда” – дагавора 1307 г., далучаная тэрыторыя атрымлівала значныя правы на самакіраванне;

- далучэнне праз шлюб, асноўны прыклад – Віцебскае княства. Далучана да ВкЛ як пасаг Марыі Віцебскай, жонкі Альгерда ў 1320 г. Княства так сама мела значныя правы на самакіраванне згодна асобнага дагавора;

- далучэнне зямель праз адваяванне іх у іншаземных захопнікаў, прыклады – часткова Берасцейская зямля (1315 г.) і Валынь (1377 г.), адбітыя ў Польшы і Кіеў з Падоллем (1362 г.), адваяваныя ў мангола-татар;

- вядома, выкарыстоўвалі і іншыя шляхі – згодна старажытнаму вымарачнаму праву – тэрыторыі адыходзілі да вялікага князя калі не заставалася прамых нашчадкаў у яе ўладальнікаў, не грэбавалі і прамым захопам. Але асноўнымі былі першыя тры шляхі.

Такім чынам, стварэнне новай дзяржавы ў Еўропе працягвалася больш стагоддзя. Пачаўся гэты працэс у сярэдзіне XIII ст. і закончыўся ў другой палове XIV ст. Афіцыйная назва дзяржавы – Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае падкрэслівала шматнацыянальны характар дзяржавы. Значыцца быў гістарычны сэнс ў тым, каб у межах адной дзяржавы аб’ядналіся розныя па этнічнаму паходжанню, мове і рэлігійным вераванням народы. Аднак створаная Альгердам моцная праваслаўная дзяржава не была патрэбна на Ватыкану, ні Польшы, на крыжакам, ні Маскве, што сама пратэндавала на ролю збіральніцы ўсходнеславянскіх земляў. Менавіта гэтыя абставіны вырашылі далейшы лёс дзяржавы.


2. Асноўныя накірункі развіцця ВкЛ у 70-я гг. XIV – XV ст.

Пасля смерці Альгерда ў ВкЛ пачалася дынастычная барацьба (1370-1390-я гг.), падстава да яе – вялікім князем стаў сын ад другога брака – Ягайла (вялікі князь у 1377-1392 гг.), а Андрэя Полацкага – старэйшага і самага здольнага з братоў – абыйшлі. Галоўнымі ўдзельнікамі барацьбы былі Ягайла, Андрэй, Кейстут і Вітаўт, а так сама іншыя Альгердавічы і Гедымінавічы.

Андрэй Полацкі адразу быў выгнаны за межы краіны. Ён да канца свайго жыцця выступаў супраць Ягайлы. Дзеля гэтага стаў саюзнікам Дзімітрыя Данскога, маскоўскага князя (раней з ім ваяваў). Дапамог апошняму атрымаць перамогі над ханам Мамаем у 1378 г. на рацэ Вожы і ў 1380 г. на Кулікоўскім полі (рака Дон). Пры гэтым, палачане адмовіліся прыняць навязанага ім новага князя, першага паплечніка і брата Ягайлы – Скіргайлу.

Супраць Ягайлы выступіў і Кейстут, бо родны пляменнік падгаварваў крыжакоў ваяваць уладанні дзядзькі. Кейстут пазбавіў Ягайлу княскага трона ў 1381 г., але зрабіў памылку, пакінуўшы пляменніка на свабодзе. Апошні сабраў войска і ў наступным 1382 г. захапіў Кейстута разам з сынам Вітаўтам. У Крэўскім замке Кейстута задушылі, Вітаўт з дапамогай жонкі ўцек да крыжакоў, дзе пачаў збіраць незадаволеных Ягайлам феадалаў ВкЛ. У гэтых складаных абставінах Ягайла згадзіўся прыняць Вітаўта ў ВкЛ пры ўмове вяртання Вітаўту спадчыны Кейстута, а так сама перадачы Гародні і Бярэсця, Вітаўт прызнаваў Ягайлу вялікім князем.

Перад Ягайлай стаяла два напрамкі развіцця знешняй палітыкі, галоўнай мэтай была барацьба з крыжакамі. Першы напрамак – саюз з Масквой, шлюб з дачкой Дзімітрыя Данскога і перадача ўсходніх зямель ВкЛ Маскоўскаму княству, ці другі напрамак – саюз з Польшчай, шлюб з Ядзвігай, адзінай дачкой памёршага польскага караля, пераход ў каталіцтва і вярхоўная ўлада над аб’яднанымі ў адну дзяржаву каталіцкімі Польшчай і ахрышчоным у каталіцтва Вялікім княствам Літоўскім. Зразумела, Ягайла выбірае апошні шлях.

У 1385 г. у Крэўскім замку была заключана дзяржаўная вунія Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага. Ягайла быў ахрышчоны ў каталіцтва і абвешчаны каралем польскім і вялікім князем літоўскім пад іменем Уладзіслаў II. Пачалося хуткае акаталічванне язычніцкай Літвы і Жамойціі. Яшчэ больш паскорыўся гэты працэс пасля выдання Ягайлай прывілеяў 1387 г. Згодна з гэтымі дакументамі ў Вільні заснована каталіцкае біскупста, а феадалы, што прынімалі каталіцтва, атрымлівалі неабмежавальныя правы валодання сваімі вотчынамі, да того яны вызваляліся ад шэрагу дзяржаўных павіннасцяў. На праваслаўных феадалаў “рускага” паходжання гэтыя ўмовы не распаўсюджваліся. Але трэба было ўлічыць значную перавагу апошніх і ступень іх незадаволенасці ўмовамі Крэўскай уніі і яе наступствамі. Гэтым скарыстаўся Вітаўт, які ў 1388 г. выступіў супраць улады Ягайлы-Уладзіслава ў ВкЛ. У выніку ўпартай барацьбы было заключана Востраўскае пагадненне (5 жніўня 1392 г.) аб падзеле ўлады. Па ўмовах пагаднення, ВкЛ аднаўляла дзяржаўную незалежнасць, Вітаўт станавіўся князем літоўскім (рэальна вялікі князь у 1392-1430 гг.), Ягайла намінальна захоўваў тытул найвялікшага князя Літоўскага, але ўплыву на справы княства амаль не меў, ён застаўся толькі каралём Польшчы (1386-1434 гг.).

Вітаўт працягваў палітыку Гедыміна і Альгерда на ўзмацненне дзяржавы і пашырэнне яе межаў. Па сутнасці, была распрацавана праграма стварэння Руска-Літоўскага каралеўства. Да гэтага дабавілася яшчэ адна мэта – пазбавіць польскіх феадалаў уплыву на справы ў княстве. У паплечнікі былі абраныя ўнутры дзяржавы – беларускія праваслаўныя феадалы, звонку – Ордэн і частка татар пад кіраўніцтвам Тахтамыша.

У 1385 г. Вітаўт усталяваў кантроль над Смаленскам, а ў 1398 г. – над Ноўгарадам і тады ж быў заключаны саюз з Ордэнам (Салінскае пагадненне 1398 г.). Унутры дзяржавы Вітаўт пазбавіў улады некаторых удзельных князёў, што варожа да яго адносіліся. Гэта значна ўмацавала княства. Але ўсё хутка скончылася. У бітве на рацэ Ворскле супраць татар мурзы Едзігея войска ВкЛ пацярпела цяжкую паразу, быў забіты Андрэй Полацкі, а Вітаўт ледзь паспеў уцячы.

Пасля гэтай цяжкай паразы значна пагоршылася знешнепалітычнае становішча княства. Ад ВкЛ адпалі Смаленск і Ноўгарад, перайшлі ў палітычнае наступленне на княства палякі. У 1401 г. паміж ВкЛ і Польшчай заключана Віленска-Радамская ўнія. Яе ўмовы:

- дзяржавы павінны дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў;

- палякі абавязваліся не выбіраць караля без згоды феадалаў ВкЛ;

- пацвярджаліся правы Вітаўта на самастойнае кіраванне ў ВкЛ, але прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы (захоўваў тытул найвышэйшага літоўскага князя) ці яго нашчадкаў на Вялікае княства Літоўскае.

Унія юрыдычна замацавала саюз раўнапраўных дзяржаў, галоўная мэта саюза – барацьба з нямецкай агрэсіяй. Вітаўту давялося ўнесці значныя карэктыроўкі ў план стварэння руска-літоўскага каралеўства, але адмаўляцца ад яго ён не стаў. У 1404 г. Смаленск канчаткова быў далучаны да княства. Не пашанцавала звярнуць Ноўгарад, дзе замацаваліся прыхільнікі незалежнасці, да тагож на Ноўгарад пратандавала Масква.

У 1408 г. пад час вайны з Масквой на рацэ Вугра было заключана пагадненне аб мяжы паміж дзяржавамі. Яна была ўстаноўлена па Вугрэ, прыкладна за 200 кіламетраў да Масквы.

Значна абвастрыліся адносіна з крыжакамі, якія ўжо кантралявалі Жамойцію і зноў нападалі на землі ВкЛ і Польскае Каралеўства. Калі ў 1409 г. у Жамойціі пачалося паўстанне супраць крыжакоў, яго падтрымаў Вітаўт. Пачалася Вялікая вайна 1409-1411 гг. ВкЛ і Польшчы супраць Ордэна. На нарадзе ў Брэсце ў снежні 1409 г. было вырашана даць Ордэну генеральную бітву. 15 ліпеня 1410 г. пад Грунвальдам аб’яднанае войска ВкЛ і Польшчы ўшчэнт разбіла армію Тэўтонскага ордэна (у склад апошняй уваходзілі дабравольцы з усёй Еўропы). Загінула амаль ўсё кіраўніцтва Ордэна на чале з вялікім маршалам Фрыдрыхам фон Валенрадам і вялікім комтурам Куно фон Ліхтэнштэйнам. Гэта бітва была самая вялікая ў сярэневякрвай Еўропе. Паводле звестак, толькі крыжакі страцілі 40 тыс. забітымі і 15 тыс. палоннымі. Але Ордэн здолеў арганізаваць абарону сталіцы – Мальбарка, таму ваенныя дзеянні зацягнуліся да 1411 г. Згодна з умовамі Тарунскага міра 1411 г.:

- Жамойція перадавалася ва ўладанне Вітаўту;

- Ордэн выплачваў значную грашовую кантрыбуцыю;

- Ордэн вяртаў саюзнікам захопленыя пад час першых месяцаў вайны гарады і тэрыторыі.

Галоўнае наступства Вялікай вайны і Грунвальдскай бітвы – гэта спыненне агрэсіі крыжакоў на ўсход. Перамогу саюзнікі замацавалі падпісаннем Гарадзельскай уніі 1413 г. У 3-х граматах пералічваліся наступныя ўмовы ўніі:

- 47 польскіх феадалаў падаравалі свае гербы 47 феадалам-католікам ВкЛ;

- феадалы Польшчы і ВкЛ узаемна абавязаліся не выбіраць кіраўнікоў дзяржаў без згоды адзін аднаго;

- феадалы-католікі ВкЛ, што прымалі польскія гербы, мелі права свабодна распараджацца маёмасцю ў сваіх маёнтках;

- у ВкЛ ўводзіўся новы адміністратыўны падзел і новыя пасады – ваяводы і кашталяна ў Вільні, Троках і інш. гарадах;

- на дзяржаўныя пасады ў ВкЛ (і ў склад Паны-рада) прызначаліся толькі феадалы-католікі;

- каталіцкай царкве і каталіцкім установам ў ВкЛ гарантаваліся значныя ільготы і перавагі;

- прадугледжвалася скліканне агульных сеймаў феадалаў Польшчы і ВкЛ;

- абвяшчалася зліцце ВкЛ і Польшчы пры захаванні адасобленасці ўлады вялікага князя і караля.

У большасці палажэнняў Гарадзельскі прывілей 1413 г. быў толькі дэкларацыяй, мэта якой – супакоіць Рым пасля разгрому Тэўтонскага ордэна. Але палажэнні аб дыскрымінацыі праваслаўнага насельніцтва княства ў будучым маглі паспрыяць росту ўнутранных супярэчнасцей у краіне.

У 1416 г. Вітаўт дамогся аднаўлення асобнай для ВкЛ праваслаўнай мітраполіі, не падпарадкаванай Маскве. Мітрапалітам быў абраны выдатны культурны і рэлігійны дзеяч Рыгор Цамблак. Наогул, пры Вітаўце праваслаўныя князі ўваходзілі ў склад Рады, займалі дзяржаўныя пасады ў княстве. Спрыяльна для Вітаўта склаліся адносіны з Масквой. Яшчэ ў 1391 г. ён выдаў дачку Соф’ю за Васіля I Дзмітрыевіча (сына Дзмітрыя Данскога). Пасля смерці мужа Соф’я стала рэгентшай пры малалетнім сыне і ў 1427 г. прыняла пратэктарат бацькі. Маскоўскае вялікае княства стала васальным у дачыненні да Вітаўта. Спрыяльныя адносіны былі і з татарамі. Скарыстаўшы міжусобіцы ў Зататой Ардзе, ён падпарадкаваў княству Прычарнамор’е. Да канца жыцця Вітаўт не пакінуў мары аб літоўска-рускім каралеўстве. У 1429 і 1430 гг. ён двойчы спрабаваў атрымаць каралеўскую карону і тытул караля ад Папы рымскага, але польскія феадалы падманам выкрадалі атрыбуты каралеўскай улады.

Такім чынам, Вітаўт дамагаўся самастойнасці ВкЛ, дасягнуў значных поспехаў у гэтым напрамку, але вымушаны быў пайсці на цесны саюз з Польшчай, якая скарыстала саюз у сваіх інтарэсах. Ва ўнутранай палітыке ён спалучаў інтарэсы як каталіцкіх, так і праваслаўных феадалаў. Знешнія пагрозы былі ліквідаваныя, Вялікае княства было самай магутнай дзяржавай на ўсходнеславянскіх землях, яно ахоплівала большую частку тэрыторыі былой Кіеўскай Русі.

Пасля смерці Вітаўта вялікім князем быў абраны малодшы брат Ягайлы князь Свідрыгайла (вялікі князь у 1430-1432 гг.). У адрозненне ад старэйшага брата, Свідрыгайла быў прыхільнікам праваслаў’я і самастойнасці Вялікага княста. Адразу паміж княстам і Польшчай пачаўся ўзброены канфлікт з-за Валыні і Падолля, каталікі былі адхілены ад дзяржаўных пасад. Польша падтрымала незадаволеных Свідрыгайлам феадалаў-каталікоў. У выніку іх змовы Свідрыгайла ледзь паспеў уцекчы ў Полацк (1 верасня 1432 г.), а вялікім князем змоўшчыкі выбралі Жыгімонта (Сігізмунда) Кейстутавіча (вялікі князь у 1432-1440 гг.). Літва і заходнебеларускія землі прызналі Жыгімонта, а Полацкая, Віцебская і іншыя ўсходнебеларускія землі захавалі вернасць Свідрыгайле. Княства распалася на Вялікае княства Літоўскае (Жыгімонт) і Вялікае княства Рускае (Свідрыгайла). Пачалася міжусобная вайна, ці па іншаму, унутрапалітычныя супярэчнасці – 1432-1439 гг. Галоўнай сілай у княстве заставалася беларускае праваслаўнае баярства, таму той, хто перацягне яго на свой бок і атрымае перамогу – гэта разумеў і Свідрыгайла, і Жыгімонт. Спачатку Свідрыгайла меў перавагу (яго падтрымаў Ордэн, цвярскі князь), але нестрыманы характар князя (у Смаленску ён спаліў на вогнішчы мітрапаліта Герасіма) адштурхнуў ад яго значную частку прыхільнікаў. У той час Ягайла, які падтрымаў Жыгімонта, 15 кастрычніка 1432 г. выдаў прывілей, па якому праваслаўныя феадалы былі ўраўняныя ў правах з каталікамі (права неабмежаванай улады над сваімі зямельнымі ўладаннямі і адмена некаторых дзяржаўных павіннасцяў). 6 мая 1434 г. Жыгімонт выдаў другі прывілей – дзе падцвярджалася эканамічная роўнасць каталікоў і праваслаўных, праваслаўным гарантаваліся недатыкальнасць асобы і маёмасці, скасоўваліся некаторыя падаткі, дазвалялася ўваходзіць у склад кіруючага органа княства – Рады. Як вынік – шмат беларускіх феадалаў перайшло на бок Жыгімонта. 1 верасня 1435 г. пад Вількамірам на рацэ Швянтой Свідрыгайла быў разбіты, пазней ён адмовіўся ад пасады вялікага князя і да смерці (да 1452 г.) княжыў на Валыні. У выніку грамадзянскай вайны беларускія землі панеслі значныя матэрыяльныя страты, загінула шмат князёў і знатных баяр. Да ўлады прыйшлі новыя людзі з сярэдняга быярства, адначасова адбыўся перадзел феадальнай маёмасці. Пашырыліся правы праваслаўнага баярства а ўсходнія землі княства захавалі сваю значную аўтаномію.

Жыгімонт Кейстутавіч яшчэ ў 1432 г. вымушаны быў аднавіць разарваную Свідрыгайлам унію з Польшчай (умова – ВкЛ пасля смерці Жыгімонта пераходзіць Ягайле ці яго пераемніку на польскім троне). Гэта не атрымала падтрымкі ў феадалаў княства, а прызначэнне на дзяржаўныя пасады прадстаўнікоў сярэдняга і дробнага баярства яшчэ больш адштурхнула знаць ад князя. У апошнія гады Жыгімонт пачаў аддаляцца і ад Польшчы і страціў яе падтрымку. У выніку змовы ўкраінскіх князёў Чартарыйскіх і літоўскіх паноў ён быў забіты ў Трокскім замку.

Пасля нядоўгай барацьбы за трон, паны-рада выбралі вялікім князем малодшага брата польскага караля – Казіміра Ягелончыка (валікі князь у 1440-1492 гг.). Ён адразу ліквідаваў унію з Польшчай і пачаў замацоўваць вялікакняскую ўладу ўнутры ВкЛ, значна падарваную пад час супрацьстаяння Жыгімонта і Свідрыгайлы. Дзеля гэтага ліквідаваў некаторые ўдзельные княствы, пакараў сваіх ворагаў. За Вялікім княствам замацаваў канчаткова Жамойцію, а так сама Валынь. У 1447 г. Казіміра выбралі польскім каралём, такім чынам аднавілася персанальная ўнія паміж краінамі. Палякі патрабавалі аддаць ім Валынь і Падолле. За гатоўнасць зрабіць гэты падарунак супраць Казіміра была арганізавана змова на чале з праваслаўнымі князямі Міхаілам Алелькавічам, Федарам Бельскім (нашчадкі Альгерда) і Іванам Гальшанскім. У 1481 г. змова была раскрыта і галоўныя ўдзельнікі пакараныя смерцю. Гэта палажыла пачатак эміграцыі праваслаўнай знаці з ВкЛ ў Маскоўскую дзяржаву.

У 1447 г. Казімір выдаў Прывілей, значна пашыраўшы правы феадалаў на зямельную маёмасць і паклаўшы пачатак юрыдычнага афармлення прыгонніцтва ў ВкЛ. У 14 артыкулах былі замацаваны наступныя асноўныя правы феадалаў і абавязкі вялікага князя:

- гарантавалася асабістая свабода і недатыкальнасць усіх феадалаў;

- дазваляўся свабодны выезд за мяжу, акрамя пераходу на бок непрыяцеля;

- давалася права на свабодны продаж, абмен і перадачу па спадчыне маенткаў;

- сяляне баярскіх маёнткаў вызваляліся ад дзяржаўных натуральных і грашовых павіннасцяў (акрамя стацый на ўтрыманне войска і рамонту замкаў);

- феадалы атрымалі права судзіць сваіх сялян і сялян навакольных весак;

- вялікі князь і феадалы абяцалі не прымаць сялян-уцекачоў у сваіх маёнтках, а вяртаць іх да сваіх паноў;

- вялікі князь абяцаў даваць дзяржаўныя пасады толькі ўраджэнцам ВкЛ, бараніць незалежнасць Княства.

Прывілей значна ўзмацніў эканамічны стан феадалаў, што мела наступствам узвышэнне іх палітычнай ролі. Некаторыя палажэнні Прывілея 1447 г. знайшлі працяг у Судзебніке Казіміра 1468 г.

Па сутнасці, Судзебнік – першы кодэкс крымінальнага і працэсуальнага права ў ВкЛ – устанавіў адзіныя для ўсёй дзяржавы нормы пакаранняў за злачынствы супраць феадальнай уласнасці. Судзебнік быў напісаны на беларускай мове і складаў перапрацаваныя нормы звычаёвага беларускага права.

У знешняй палітыке Казіміра былі і дасягненні, і памылкі. Так, заснаванае пры яго падтрымке ў 1443 г., Крымскае ханства хутка стала васалам Турцыі (1475 г.) і пачало рабаваць землі Украіны і Паўдневай Беларусі. У адносінах з Масквой пасля падпісання дагавора 1449 г. (з Васілем II) спыніліся сутычкі. Па дагавору “Русь” была падзелена – за Масквой прызнавалася права на Пскоў і Ноўгарад, за ВкЛ – права на Смаленск і Мцэнск. Значнай перамогай яго палітыкі было канчатковае падпарадкаванне беларускіх праваслаўных епархій канстантынопальскаму патрыярху (1458 г.). Але Казімір (як польскі кароль) часта адцягваў увагу на польскія справы, таму шмат яго намаганняў не былі завершаны ці пацярпелі няўдачу. Тым не менш, яго 52-гадовае княжанне было не толькі самым працяглым, але стабільным і спакойным для княства.


3. Палітычнае становішча Беларусі ў першай палове XVI ст.

У 1492 г. вялікім князем паны-рада абралі сына Казіміра – Аляксандра (вялікі князь у 1492-1506 гг.). Але паны паставілі перад Аляксандам умовы – князь павінен ўсе найважнейшыя справы разглядаць толькі з панамі-радай. Гэтыя патрабаванні былі замацаваныя Аляксанрам у Прывілеі 1492 г. Яго асноўныя палажэнні ўтрымліваліся ў 33 артыкулах:

- падцвярджаліся прынцыпы ранейшых вялікакняскіх прывілеяў;

- гарантавалася захаванне незалежнасці Княства;

- было юрыдычна аформлена месца Рады ў сістэме дзяржаўнага кіравання, вызначыны яе правы;

- вялікі князь мог разглядаць важнейшыя справы (абарона краіны, міжнародныя справы, выданне законаў, найважнейшыя судовыя справы) толькі разам з Радай, адмяняць гэтыя рашэнні князь не меў моцы;

- у выпадку адсутнасці князя на тэрыторыі княства (гэта адбывалася часта – вялікі князь часта быў і каралём польскім) Рада самастойна вырашала пытанні кіравання дзяржавай;

- былі акрэслены прынцыпы, па якім асобы прызначаліся на дзяржаўныя пасады і пазбаўляліся іх.

У 1501 г. Аляксанда выбралі на пасаду караля Польшчы, гэтым аднавілася персанальная ўнія паміж дзяржавамі. Яе аднаўленне было замацавана Мельніцкім актам 1501 г. Палякі скарысталіся няўдачамі ВкЛ у вайне з Масквой, таму па ўмовах Мельніцкага акта адмяняліся асобныя выбары вялікага князя ў Вільні, адзіным манархам павінен быць кароль, выбраны на агульным сейме. Прадугледжвалася ўвядзенне агульнай грашовай сістэмы, правядзенне агульнай унутраннай і знешней палітыкі, але ў кожнай дзяржаве захоўваліся свае дзяржаўныя пасады. Разам з тым, Аляксандр вымушаны быў у Мельніцкім прывілеі 1501 г. устнавіць вяршынства сената (польскіх магнатаў) над каралём. Гэтыя абодва акта былі часовай уступкай польскім магнатам. Першымі былі незадаволены феадалы княства, і ў 1505 г. акт быў адменены сеймам ВкЛ, другім было незадаволена польскае шляхецтва, і прывілей адмянілі так сама ў 1505 г. на Радамскім сейме. Але Радамская канстытуцыя 1505 г., якая атрымала назву “нічога новага” – nihil novi – не толькі скасавала ў Польшчы Мельніцкі прывілей, але і значна абмежавала ўладу караля. Фактычна ўлада ў Польшчы была аддадзена Пасольскай Ізбе – ці шляхце. З гэтага часу выключнае значэнне атрымала права liberum veto, якое паралізавала працу сеймаў. У той жа час у ВкЛ шляхта яшчэ не атрымала такіх шырокіх правоў, улада ў княстве належыла панам-радзе, у склад якой уваходзілі буйные феадалы – магнаты. Шляхта ВкЛ пачала барацьбу за ўраўнаванне сваіх правоў з магнатамі і шляхтай Польшчы.

Калі вялікі князь паціху страчваў уладу, дзяржава пачала страчваць тэрыторыю. У 1492-1494 гг. адбылася вайна паміж Масквой і ВкЛ. У выніку яе княства страціла Вяземскае княста і частку Вярхоўскіх княстваў (па рацэ Вугра). Шлюб Аляксанра з Аленай, дачкой Івана III, не выратаваў княства ад далейшага наступлення Масквы. У 1500-1503 гг. пад час вайны з Масквой адбылася бітва на Вядрошы 1500 г., у якой пацярпеў паразу гетман Канстанцін Астрожскі. Маскоўскія войскі спусташылі значную частку беларускіх зямель княства. Па ўмовах перамір’я да Масквы адышлі значныя тэрыторыі на ўсходзе з гарадамі Чарнігавам, Гомелем, Бельскам, нават частка Мсціслаўскага княства. Адначасова на княства нападалі крымскія татары (даходзілі да Наваградка), што рабавалі гарады і вескі і ўводзілі на рабскія рынкі шматтысячныя палоны. Дзякуючы рашучасці і мужнасці Міхаіла Гланскага, што ўзначаліў 7-мі тысячнае войска беларускіх баяр, падчас чарговага нападу на беларускія землі, татарскае войска было ўшчэнт разбіта пад Клецкам у 1506 г., каля 40 тысяч палонных вызвалена. Пасля такой паразы татары на беларускія землі больш не заходзілі.

Пад час кіравання Аляксанда, Вялікае княства Літоўскае пачало страчваць свае тэрыторыі, у барацьбе за роль галоўнага збіральніка ўсходнеславянскіх зямель перамагае Масква. Супрацьстаянне Масквы і Вільні будзе працягвацца некалькі стагоддзяў і ў выніку, так ці інакш, прывядзе да падзення ВкЛ. Адначасова паслабляецца вялікакняская ўлада, узрастае палітычная роля феадалаў і шляхты, што з цягам часу прывядзе да росту міжусобіц і анархіі ўнутры дзяржавы.

Малодшы брат Аляксандра Жыгімонт I Стары (вялікі князь у 1506 – 1548 гг.) быў амаль адначасова выбраны і вялікім князем і каралём, гэта захавала персанальную ўнію паміж ВкЛ і Польшчай. Аднак весці войны супраць Масквы княству прыйшлося аднаму. Жыгімонт паабяцаў феадалам княства вярнуць землі, страчаныя ў дзвух папярэдніх войнах з Масквой. У адказ на яго ўльтыматум, маскоўскі князь Васіль III у 1507 г. пачаў ваенныя дзеянні (вайна 1507-1508 гг.). Конныя маскоўскія атрады паспелі зайсці глыбока на тэрыторыю княства, пакуль было сабрана паспалітае рушэнне – войска ВкЛ. Тады маскоўскія войскі адышлі назад. Другі этап вайны быў звязаны з мяцяжом Глінскіх 1508 г. Падставай да мяцежа стала страта Глінскімі ўплыву на дзяржаўныя справы ў ВкЛ пасля абрання Жыгімонта вялікім князем. Калі пры Аляксандры Глінскі быў самай уплывовай асобай княства, то зараз яго адцясніў ваявода трокскі Ян Забярэзінскі. Да того, Глінскія былі прыхільнікамі незалежнасці ВкЛ, а Забярэзінскі выступаў за ўнію з Польшчай. Міхаіл Глінскі, яго браты Іван і Васіль сабралі атрад паплечнікаў і выступілі супраць вялікакняскай улады. Асноўныя мэты мяцежа – аднавіць асабістую ўладу, узмацніць незалежнасць княства ад Польшчы. Выступленнем Глінскіх скарысталіся крымскі хан Менглі-Гірэй і маскоўскі князь Васіль ІІІ. З апошнім Міхаіл Глінскі заключыў пагадненне аб сумесных дзеяннях. Глінскі абапіраўся на свае вялікія

Подобные работы:

Актуально: